11 І ўгледзеў я адчыненае неба, і вось конь белы, і верхавец ягоны называецца Верны і Праўдзівы, Які праведна судзіць і ваюе.
12 Вочы ў Яго як полымя вогненнае, і на галаве ў Яго многа дыядэмаў; Ён меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, акрамя Яго Самога;
13 Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае.
14 І войскі нябесныя ішлі сьледам за Ім на конях белых, апранутыя ў вісон белы і чысты.
15 А з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб ім пасякаць народы. Ён пас іх жазлом жалезным; Ён топча чавільню віна лютасьці і гневу Бога Ўсеўладнага.
16 На адзеньні і на сьцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Гасподзь тых, што валадарыць.
17 І ўгледзеў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы; і ён усклікнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, што лёталі пасярэдзіне неба: ляцеце, зьбірайцеся на вялікую вячэру Божую,
18 каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх.
19 І ўгледзеў я зьвера і цароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб змагацца зь Верхаўцом і з войскам Ягоным.
20 І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера вогненнае, што гарэла серкай,
21 а астатнія забітыя мечам Верхаўцовым, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі.