10 У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.
11 А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца
12 і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.
13 Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
14 і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.
15 Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;
16 і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.
17 Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.
18 І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся
19 і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;