19 І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,
20 які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,
21 і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
22 прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,
23 будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;
24 будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;
25 ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.