1 Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных;
2 ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён;
3 і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы;
4 калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку.
5 І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім.
6 І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім.
7 Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі;