1 І пайшоў Самсон у Тымнату і ўбачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх.
2 Ён пайшоў і абвясьціў бацьку свайму і маці сваёй і сказаў: я бачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх; вазьмеце мне яе за жонку.
3 Бацька і маці яго сказалі яму: хіба няма жанчын сярод дочак братоў тваіх і ва ўсім народзе маім, што ты ідзеш узяць жонку ў Філістымлянаў неабрэзаных? І сказаў Самсон бацьку свайму: яе вазьмі мне, бо яна мне спадабалася.
4 Бацька яго і маці яго ня ведалі, што гэта ад Госпада, і што ён шукае выпадку адпомсьціць Філістымлянам. А ў той час Філістымляне панавалі над Ізраілем.