6 І сказала Даліла Самсону: скажы мне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб цябе ўпакорыць.
7 Самсон сказаў ёй: калі зьвяжуць мяне сямю сырымі цяцівамі, якія ня высушаны, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як і астатнія людзі.
8 І прынесьлі ёй уладцы Філістымскія сем сырых цяціваў, якія ня высахлі, і яна зьвязала яго імі.
9 (Тым часам адзін патайна сядзеў у яе ўспальні.) І сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. Ён парваў цяцівы, як ірвуць нітку з кудзелі, калі перапаліць яе агонь. І ня выведана сіла ягоная.
10 І сказала Даліла Самсону: вось, ты ашукаў мяне і казаў мне няпраўду; скажы ж цяпер мне, чым цябе зьвязаць?
11 Ён сказаў ёй, калі зьвяжуць мяне новымі вяроўкамі, якія ня былі ва ўжытку, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як усе іншыя людзі.
12 Даліла ўзяла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. І сарваў ён іх з рук сваіх, як ніткі.
13 І сказала Даліла Самсону: усё ты падманваеш мяне і кажаш мне няпраўду; скажы мне, чым бы цябе зьвязаць. Ён сказаў ёй: калі ты ўватчэш сем кос з галавы маёй у тканіну і прыб’еш яе цьвіком да ткацкага варацідла.
14 І прымацавала іх да варацідла і сказала яму: Філістымляне ідуць на цябе, Самсоне! Ён прачнуўся са сну свайго і вырваў ткацкае варацідла разам з тканінай.