11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
12 і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
13 Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
14 А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
15 і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
16 і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
17 Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
20 Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
21 А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
23 і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
24 бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.