11 Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
12 і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
13 Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
14 А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
15 і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
16 і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
17 Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
18 Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
19 і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
20 Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
21 А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
22 А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
23 і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
24 бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
25 А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
26 і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
27 Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
28 Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
29 Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
30 а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
31 А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
32 а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.