1 У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
2 Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.
3 І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5 запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
6 Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
7 і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
8 У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
9 Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
10 І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
11 бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
12 і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
13 І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
14 слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.