Pular para o conteúdo
Publicidade

ЛУКАША 2

22 А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,

23 як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;

24 і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.

25 Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.

26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.

27 І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,

28 ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:

29 сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;

30 бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,

31 якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,

32 сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.

33 А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.

34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, -

35 і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.

36 І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,

37 удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.

38 І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.

Veja também