12 У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
13 А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
14 Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
15 Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
16 Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.