1 Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.
2 І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;
3 у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;
4 бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;
5 заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.
6 А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,
7 і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!
8 Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.
9 І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.
10 І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.
11 А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.
12 І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.
13 Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.
14 А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.