22 І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей.
23 І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін.
24 А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25 А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.
26 І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.
27 Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.
28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.
29 А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса.
30 Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.
31 Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?
32 І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
33 А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.