1 Такім чынам - няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,
2 бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.
3 Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,
4 каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.
5 Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа - пра духоўнае.
6 Помыслы плоцкія - сьмерць, а помыслы Духа - жыцьцё і мір,
7 бо помыслы плоці - гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.
8 А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
9 Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
10 А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.
11 Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.