20 І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.
21 І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
22 І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.
23 І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.
24 І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.