1 Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!
2 Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія.
3 Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,
4 гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.
5 І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі [гэта] сынам сваім,
6 каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі [гэта] сынам сваім.
7 І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,
8 і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу.